ТРАФІ́ЧНЫ ЛАНЦУ́Г, ланцуг харчавання,

шэраг арганізмаў у біягеацэнозах, звязаных паміж сабой адносінамі «корм — спажывец». Асн. тыпы Т.Л.: пашавы (у аснове зялёныя расліны; напр., елка—тля—божая кароўка—павук—мухалоўка—ястраб; аднаклетачныя водарасці—весланогія рачкі—верхаводка—судак),

і дэтрытны (у аснове фітадэтрыт; напр., лісцевы апад дрэў—дажджавы чарвяк—жукі-стафіліны—землярыйкі—ліс). Арганізмы наступнага звяна (трафічнага ўзроўню) паядаюць прадстаўнікоў папярэдняга звяна, т.ч. здзяйсняецца ланцуговы перанос энергіі і рэчыва, які ляжыць у аснове кругавароту рэчываў у прыродзе. У Т.л. пры пераносе патэнцыяльнай энергіі ад звяна да звяна большая яе ч. страчваецца, таму ў Т.л. звычайна не больш як 5 звёнаў. Т.л. ўтвараюць трафічныя сеткі, якія ўзнікаюць у выніку шырокага трафічнага спектра (паліфагіі) большасці кансументаў (напр., пацукі жывяцца расл. і жывёльным кармамі, могуць з’яўляцца рознымі трафічнымі ўзроўнямі некалькіх трафічных ланцугоў) і інш. Асн. структурны элемент і ўласцівасць трафічнай сеткі — экалагічнае дубліраванне, пры якім у экасістэмах нешматлікі від замяняецца інш., функцыянальна блізкім (напр., буйных капытных жывёл замяняюць грызуны). Вывучае Т.л. трофаэкалогія.

т. 15, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)